«ВО́ЛЬНЫ СЦЯГ»,

літаратурна-мастацкі і навук.-ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў вер. 1920 — студз. 1922 у Мінску на бел. мове. Працягваў традыцыі час. «Рунь». Адлюстроўваў стан бел. грамадскай думкі і маст. л-ры пач. 1920-х г. Друкаваў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Гарэцкага, З.​Бядулі, М.​Чарота, Я.​Журбы, Ц.​Гартнага і інш. З літ. спадчыны апублікаваў творы А.​Гаруна і К.​Каганца. Надрукаваў шэраг крытычных, літ.- і мастацтвазнаўчых артыкулаў Я.​Лёсіка, М.​Піятуховіча, Г.​Гарэцкага, Я.​Карскага, Бядулі, А.​Раманоўскага і інш. Змяшчаў фотарэпрадукцыі краязнаўчага і культ.-гіст. характару. У рэдагаванні часопіса удзельнічаў Я.​Купала. Маст. афармленне першых нумароў Я.​Драздовіча. Выйшла 9 нумароў, апошні ў каляровай вокладцы (мастак невядомы).

А.​С.​Ліс.

т. 4, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)